Паштоўкі
Я з краіны, дзе не надта прынята спадзявацца на далёкую будучыню. Мы нават адпачынак браніруем у апошні момант (а раптам нешта здарыцца?), тады як французы спакойна робяць незваротную бронь гатэля на наступнае Раство… адразу пасля цяперашняга. Аплачваюць яе — і потым цэлы год прадчуваюць сваю вандроўку. І ўсё ў іх ідзе паводле плана.
Але чакаць пенсіі?.. Хіба так бывае?
Памятаю, як я зайшла ў аддзел паштовак і кветак у супермаркеце, каб выбраць нешта калегу на дзень нараджэння. Круціла стэнд і чытала:
«З днём нараджэння!»
«Найлепшай маме»
«Дзякуй!»
«З Днём бацькі!»
«Шчаслівай пенсіі!»
Думаеце, на апошняй паштоўцы намаляваныя мяккае крэсла з падушачкай, лагодны коцік і кубак гарбаты, ад якога ідзе пара? Або ўнукі, што сядзяць у бабулі на каленях у крэсле-гушкалцы? Палаючы камін? Утульная канапа?

Сардэчна запрашаем у краіну пенсіі!
Кактэйлі. Адпачынак. Сонца. Мары.

Цяпер, калі ты выйшаў на пенсію, можаш нарэшце атрымліваць асалоду ад таго, што любіў у сваёй працы найбольш: ад адпачынку! Шчаслівай і радаснай пенсіі!

Шчаслівай пенсіі! На малюнках — ідэі, чым можна заняцца: клапаціцца пра сябе… купіць гамак… адправіцца ў кругасветнае падарожжа… весяліцца… закахацца (яшчэ раз)…

Сонечнай табе пенсіі!
(Французы часта прадаюць свае дамы пасля выхаду на пенсію і пераязджаюць на поўдзень, бліжэй да мора.)

А на маіх танцах у Францыі самаму старэйшаму танцору — 62. Самай малодшай дзяўчыне — 16. І мы ўсе танцуем адзін з адным. Заняткі вядуць дзве пары выкладчыкаў, якія змяняюць адна адну: двое хлопцаў гадоў трыццаці пяці — і вось гэтая пара.